Няхай усё будзе #WooooW! У Беларусi запускаецца дзявочая футбольная лiга U-13


Наша жыццё напоўнена стэрэатыпамі. І хоць зараз іх становіцца меней, усё роўна чуюцца меркаванні, маўляў, «гэта не жаночая справа/прафесія/машына», альбо што «не мужчынская гэта прычоска/вопратка/музыка». На жаль, ёсць падобныя стэрэатыпы і ў футболе. Галоўны з іх грунтуецца на думцы, што футбол і жанчыны — паняцці супярэчлівыя. Асабліва, калі размова ідзе пра маленькіх дзяўчынак! Федэрацыя футбола Беларусі сумесна з FIFA вырашылі развеяць састарэлы міф і ўжо ў красавіку пачаць рэспубліканскі чэмпіянат па футболе сярод дзяўчынак да трынаццаці гадоў.

«Задача АБФФ — даць магчымасць гуляць у футбол усім, хто гэтага жадае, не звяртаючы ўвагі на розныя ўмоўнасці, у тым ліку пол. Цікавасць да футбола з боку дзяўчат і жанчын з кожным годам узрастае. Павялічваецца колькасць спонсараў, гледачоў, UEFA і FIFA усё больш актыўна развіваюць і падтрымліваюць жаночы футбол, бачаць у ім велізарны патэнцыял. АБФФ таксама з кожным годам павялічвае актыўнасць і дзейнасць у плане распаўсюджвання жаночага і дзявочага футбола», — распавядае Віталь Крупіца, начальнік аддзела масавага футбола.

У 2017 годзе FIFA звярнулася да АБФФ з ініцыятывай аб аказанні дапамогі ў развіцці жаночага футбола ў краіне. Для далёкіх ад гэтай тэмы правядзем невялікі лікбез: зараз у Беларусі ёсць нацыянальнае і моладзевае першынства сярод жанчын. Мерапрыемствы і турніры для яшчэ больш юных паненак таксама існуюць, але праводзяцца нерэгулярна, і колькасць іх наўрад ці задавальняе маленькіх аматарак гульні. Таму не дзіва, што пасля абмеркаванняў і дыскусій спецыялісты FIFA і АБФФ прыйшлі да высновы аб неабходнасці стварэння рэспубліканскага турніра па футболе сярод дзяўчынак да трынаццаці гадоў. На думку экспертаў, такія спаборніцтвы павінны даць штуршок для развіцця ўсяго жаночага футбола Беларусі і дазволяць яшчэ большай колькасці дзяўчынак далучыцца да цудоўнай гульні.

Далей пачаўся працэс ператварэння ідэі ў справу. Федэрацыя загадзя апавясціла Міністэрства спорту і турызму, клубы, каманды і школы: кожная арганізацыя, дзе ёсць каманда дзяўчынак, мела магчымасць заявіцца ў новую лігу. У выніку ў дэбютным сезоне згуляе ажно шэсцьдзесят калектываў з усёй Беларусі! Прычым удзел у спаборніцтвах прымуць не толькі каманды ад ДзЮСШ ці іншых спецыялізаваных вучэбна-спартыўных устаноў, але і прадстаўніцы звычайных агульнаадукацыйных школ ці фізкультурна-спартыўных клубаў пры выканкамах.

Пасля гэтага каманды былі падзеленыя на восем зон па тэрытарыяльным прынцыпе. Пры падзеле ўлічвалася два фактары: каб у кожнай групе была прыблізна аднолькавая колькасць калектываў і каб усе яны знаходзіліся на зручнай адлегласці адзін ад аднаго. Сістэма наступная: каманды ў красавіку-траўні з’язджаюцца ў адно месца і гуляюць між сабой па двухкругавой сістэме. Пераможцы васьмі рэгіянальных зон выходзяць на рэспубліканскі этап і ў пачатку чэрвеня прыязджаюць у Мінск, дзе ў матчах па алімпійскай сістэме вызна­чаць лепшую каманду краіны.

Асобна трэба адзначыць тэхнічную і фінансавую дапамогу FIFA. Напрыклад, адбыліся адмысловыя трэнерскія курсы для спецыялістаў, якія працуюць з удзельніцамі новай лігі. На працягу пяці дзён эксперты міжнароднай федэрацыі футбола праводзі­лі навучанне, павышалі кваліфікацыю трэнераў, расказвалі пра сучасныя методыкі і тэндэнцыі ў жаночым футболе. Таксама ўсе без выключэння каманды атрымалі па дваццаць мячоў і столькі ж камплектаў гульнявой формы «Adidas»: майка, шорты, гетры, буцы і шчыткі. Такому падарунку па-добраму пазайздросцяць шмат якія прафесійныя клубы.
«Спадзяюся і веру, што гэта спаборніцтва стане масавым турнірам, дзе кожная зможа знайсці сябе, рэалізаваць і праявіць. Гэта фінансава аб’ёмны і глабальны праект, які, спадзяемся, будзе эфектыўным і дапаможа нашаму жаночаму футболу развівацца яшчэ лепш і хутчэй. Важна, што каманды ў рэгіёнах атрымаюць магчымасць на рэгулярнай аснове мець спаборніцкую і гульнявую практыку», — дзеліцца меркаваннем Крупіца.

Ужо восенню стартуе прыём заявак на наступны сезон. Таксама на гэты час плануецца пачатак новага турніру, які будзе праходзіць па сістэме «восень-вясна», з рэспубліканскім фіналам бліжэй да канца вясны.

Калі з арганізацыйнымі пытаннямі ўсё больш-менш зразумела, то зараз звернемся да іміджавага боку спаборніцтваў. Ліга будзе мець назву “Футбольная ліга дзяўчат” і атрымае хэштэг #WOOOOW — па меркаванні Юрыя Садоўскага, дырэктара дэпартамента маркетынгу і камунікацый АБФФ, гэты слоган найбольш яскрава апісвае эмоцыі ад дзявочага футбола. «Тэг #WOOOOW не толькі тлумачыць матывацыю дзеянняў, але і яднае ўсе дывізіены, адлюстроўвае асноўную эмоцыю ад гульні». За кожнай тэрытарыяльнай зонай будзе замацаваны свой спартыўны апякун — футбалістка нацыянальнай зборнай. Ніякага прымусу — лэдзі з ахвотай адгукнуліся на запрашэнне арганізатараў і самі абралі адну з зон, аддаючы перавагу роднаму рэгіёну. Прафесійныя спартс­менкі будуць падтрымліваць дзяўчынак, запісваць відэазвароты і, галоўнае, нагадваць ім, што самае першаснае ў футболе — атрыманне асалоды.

Акрамя таго, у “Футбольнай лізе дзяўчат” будуць свае медыяпаслы. Гэта жанчыны з абсалютна розных галін, якія дабіліся поспехаў у Беларусі. У кожнай з амбасадорак будзе свая зона адказнасці. Напрыклад, Таццяна Лавец, адна з лепшых трэнераў па фізпадрыхтоўцы ў краіне, распавядзе дзяўчынкам пра важнасць падрыхтоўкі да гульняў і навучыць правільнай размінцы. Бліскучая вядучая Ганна Эйсмант раскажа пра ўзаемадзеянне са СМІ, чаму неабходна з павагай ставіцца да журналістаў і як належыць даваць інтэрв’ю. Вядомая беларускамоўная журналістка Адар’я Гуштын зверне ўвагу паненак на велізарнае значэнне беларускай мовы, культуры і гісторыі. Будзе сфармаваны пул медыяпаслоў, і ў паўзах паміж турамі адбудзецца пэўны чэлендж ад кожнай амбасадоркі. Атрымліваецца, на працягу тыдня дзяўчынкі будуць, па-моладзеваму кажучы, пракачваць скіл у вызначаным кірунку.

Вольга Цярэшка, адна з медыяпаслоў турніру, лічыць такія спаборніцтвы вельмі важнымі і карыснымі для маленькіх дзяўчынак: «Цалкам падтрымліваю ідэю стварэння лігі. Гэты турнір дае шанец дзяўчынкам убачыць сябе з боку, убачыць сваіх суперніц, убачыць сэнс футбола. Акрамя саміх спаборніцтваў, гэта зносіны і перадача вопыту не толькі дзяўчынак, але і маладых трэнераў. Можа быць, менавіта з гэтай лігі пачнецца развіццё і папулярызацыя трэнерства ў жаночым футболе. Гэты турнір можа даць глыток свежага паветра жаночаму футболу нашай краіны».

Важна падкрэсліць, што ліга будзе нацыяльна-арыентаванай. Кожны дывізіён будзе названы ў гонар выбітнай беларускі — Рагнеды, Саламеі і гэтак далей.

«Імкнемся падкрэсліць, што беларускі футбол — павага да беларускай гісторыі, культуры, традыцый і досведу. Кожны дывізіён названы ў гонар вядомай беларускі, каб у пра­цэсе футбольных спаборніцтваў мы маглі распавядаць пра гісторыю рэгіёну, краіны, а таксама пра тое, што важна беражліва ставіцца да тых набыткаў і гістарычнага скарбу, якім валодае Беларусь», — лічыць Садоўскі.

Дадамо, што апроч гэтага прыдумана шмат актыўнасцяў і ў інтэрнэт-прасторы. Будзе створаная спецыяльная пляцоўка для камунікацыі дзяўчат з магчымасцю абменьвацца фотаздымкамі, паведамленнямі, навінамі, уражаннямі. Футбалісткі змогуць пакідаць зваротную сувязь, каб арганіза­тары маглі палепшыць лігу ці адгукнуцца на крэатыўную прапанову. Прыярытэт на сацсеткі зроблены не выпадкова: дзяўчынкі ў такім узросце ўцягнутыя ў інтэрнэт куды больш актыўна, чым у іншыя сродкі масавай інфармацыі, таму рэклама ва ўмоўным Instagram успрымецца імі больш пазітыўна, чым білборд на вуліцы горада.

Арганізатары не ўтойваюць — галоўнае тут не правесці турнір дзеля турніру, проста вызначыць пераможцу ці даведацца, колькі галоў будзе ў лепшай бамбардыркі. Галоўнае — каб дзяўчынкі атрымалі задавальненне ад фут­бола, знайшлі новых сябровак і, нягледзячы на розныя стэрэатыпы, правялі выдатна час за «недзявочай справай». А калі хтосьці з іх пажадае звязаць свае жыццё з футболам на прафесійным узроўні, то ад гэтага выйграюць усе: і маленькая беларусачка, якая знойдзе для сябе любімы занятак, і наш футбол, які атрымае, мы ўпэўненыя, выдатную спартсменку. Усё будзе #WOOOOW!

Текст: Яраслаў Клімашэўскі
Фото:  Инна Ким

Добавить комментарий