Футбол для ўсіх. Як працуюць каментатары для невідушчых

Гэтыя людзі ніколі не бачылі футбольнага поля і не ведаюць гульцоў у твар. Аднак гэта не перашкаджае невідушчым заўзятарам прыходзіць на стадыён і быць у віры падзей. У гэтым ім дапамагае спецыяльны каментатар, які падрабязна апісвае, што адбываецца на полі. “БФ” распавядае пра людзей, што робяць гульню №1 адкрытай для ўсіх.

Летась у Берліне падчас перапынку матчу “Герты” ў кафэ для журналістаў да мяне падсеў мужчына. Ён распавёў, што працуе каментатарам для сляпых, на кожным хатнім матч “старой дамы” становячыся вачыма для 12-15 невідушчых заўзятараў. На топавых матчах супраць “Баварыі” і дортмундскай “Барусіі” гэта лічба павялічваецца ўдвая. Перакусіўшы, суразмоўца быў вымушаны хуценька вяртацца да працоўнага месца, бо яго чакалі пільныя слухачы.

https://www.cafefootball.eu/what-is-adc

“Міміно” для сляпых

Працэc падрабязнага апісання падзей, з’яў і прадметаў для сляпых называецца ціфлакаментаваннем або аўдыядэскрыпцыяй. Першымі элементарнымі прыкладамі аўдыядэскрыпцыі можна лічыць радыётрансляцыі (напрыклад, спартовых спаборніцтваў ці спектакляў) з тлумачальнымі каментарамі вядучага. Яны часткова задавальнялі патрэбы невідушчых слухачоў.

Але з цягам часу рос аб’ём візуальнай інфармацыі, што патрабавала выпрацоўкі новых форм апісання інфармацыі для сляпых. У канцы 70-х у СССР прыдумалі гукафільмы — на арыгінальную фанаграму фільмаў запісваліся ціфлакаментары. Стужку паказвалі ў кінатэатры для людзей з парушэннямі слыху, дзе была магчымасць кожнаму раздаць па навушніку. Першым гукафільмам стала “Клеапатра”, пасля чаго невідушчыя атрымалі магчымасць азнаёміцца з такімі стужкамі, як “Міміно”, “3+2” і іншымі.

У 80-я амерыканская тэлекампанія WGBH-TV распрацавала тэхналогію “Апісальны відэасэрвіс”, якая прадугледжвала трансляцыю аўдыядэскрыпцыі тэлепраграм на радыёхвалях. Пасля з’явіліся аналагі савецкіх гукафільмаў.

Сёння ў Еўропе, ЗША і Канадзе дзяржаўныя камісіі па тэлевяшчанні на заканадаўчым узроўні абавязваюць тэлекампаніі забяспечваць свае праграмы аўдыядэскрыпцыяй. Штогод з’яўляюцца сотні гукафільмаў. З 2015 года такая тэхналогія з’явілася на Netflix, а з 2016-га — нават на Pornhub. У той жа час на постсавецкай прасторы з развалам Саюза развіццё ціфлакаментавання прыпынілася на 10 гадоў.

Брайль на футболках

5 кастрычніка 2019 года леверкузенскі “Байер” выйшаў на матч супраць “Лейпцыга” у незвычайнай форме: пад лагатыпам тытульнага спонсара змяшчалася яго назва, напісаная шрыфтам Брайля. Так “аспірынавыя” адзначылі 20-годдзе з моманту першай у нямецкім футболе гульні, за якой невідушчыя заўзятары маглі назіраць пры дапамозе спецыяльнага каментатара.

Вядома, надпіс не меў аніякага практычнага сэнсу. Такім сімвалічным чынам “Байер” падзякаваў сваім супрацоўнікам, якія на працягу 20 гадоў рабілі знаходжанне на стадыёне камфортным для ўсіх. Пасля матчу футболкі былі прададзеныя праз аукцыён, а грошы пайшлі на набыццё новай радыёсістэмы для сляпых заўзятараў.

https://www.bayer04.de/de-de/news/fans/sondertrikots-zu-20-jahre-blinden-reportage-unterm-hammer

З’яўленне абсталявання для невідушчых на “БайАрэне” ў канцы 90-х стала магчымым дзякуючы намаганням тагачаснага прэзідэнта клуба Курта Фоссэна. Ён натхніўся прыкладам “Манчэстэр Юнайтэд”, дзе такая тэхналогія працавала ўжо некалькі гадоў, і разам з фан-клубам заўзятараў з парушэннямі зроку “Die Sehhunde” стварыў умовы для “сляпога” рэпартажу. Так, 15 кастрычніка 1999 года на гульні “Байера” супраць “Ульма” на паўднёвай трыбуне невідушчыя аматары футболу змаглі ўпершыню назіраць за матчам пры дапамозе аўдыядэскрыпцыі.

Развіццю футбольнага ціфлакаментавання ў Германіі паспрыяў хатні чэмпіянат свету 2006 года — кожны стадыён мундыяля быў абсталяваны адмысловай аўдыясістэмай. Сёння ўсе клубы першай і другой бундэслігі (акрамя дэбютанта “Веена”), а таксама некаторыя каманды мінору, маюць у сваім штаце чалавека, які займаецца заўзятарамі з абмежаванымі магчымасцямі, а па ўсёй Германіі налічваецца да 300 “сляпых” рэпарцёраў.

Іх падрыхтоўкай займаецца створаны ў 2018 годзе цэнтр T_OHR, мэта якога — падрыхтоўка спецыялістаў, стандартызацыя футбольнага ціфлакаментавання і яго развіццё ў іншых відах спорту і сферах жыцця.

Заўзятары з парушэннямі зроку пераважна назіраюць за футболам пры дапамозе радыёпрыёмнікаў, якія ім выдаюцца перад матчамі. Некаторыя матчы транслююцца па радыё і ў інтэрнэце, што робіць магчымасць сачыць за гульнёй з любой кропкі свету.

https://www.bayer04.de/de-de/news/bayer04/spezielles-trikot-fuer-20-jahre-blinden-reportage

Пры ўсіх створаных магчымасцях, не на кожным стадыёне месцы для невідушчых карыстаюцца попытам. Па-першае, любому заўзятару з праблемамі зроку патрабуецца суправаджэнне і транспарт. Па-другое, далёка не ўсе клубы могуць зрабіць уваход для сляпых і іх суправаджальнікаў вольным, што сур’ёзна б’е па кішэні. Але штогод DFL (нямецкая футбольная ліга) запрашае прадстаўнікоў заўзятараў з абмежаванымі магчымасцямі на свой форум, каб выслухаць прэтэнзіі і прапановы.

Фокус на мячы

Існуюць тры залатыя правілы ціфлакаментавання: аб’ектыўнасць, паслядоўнасць і эрганамічнасць інфармацыі. То-бок, падзеі на поле мусяць быць апісаныя ў строгай паслядоўнасці максімальна коратка, дакладна і як мага больш падрабязна.

https://www.cafefootball.eu/what-is-adc

З аднаго боку, “сляпы” рэпартаж прасцейшы за тэлетрансляцыю, бо патрабуе расказу толькі пра тое, што адбываецца на полі, але больш складаны за кошт таго, што падзеі павінны апісвацца максімальна дэтальна, чым тэлекаментатары звычайна грэбуюць.

Ціфлакаментатар не можа сказаць “зараз будзе штрафны ўдар”. Патрабуецца дакладнае апісанне таго, што адбываецца: “Нападаючы пад нумарам 9 бярэ мяч, усталёўвае яго на правым фланзе ў 10 метрах ад цэнтра поля. Ён разбягаецца, ідзе падача ў штрафную пляцоўку, дзе за мяч ў паветры змагаюцца супернікі. Гулец атакуючай каманды штурхае рукамі абаронцу, той валіцца на газон — парушэнне правілаў”. Важна распавесці пра ўсё: прычоскі і татуіроўкі футбалістаў, паводзіны заўзятараў, не забываючы пры гэтым пастаянна канцэнтравацца на тым, дзе ў гэты момант знаходзіцца мяч.

Звычайны футбольны рэпартаж абсалютна не пасуе для невідушчых. Тэлекаментатар ведае, што глядач бачыць, што адбываецца ў гульні, і можа сабе дазволіць абмеркаваць апошнія навіны або распавесці пра нейкія цікавыя інсайды. Таму бывае нашмат прасцей навучыць аўдыядэскрыпцыі чалавека без досведу, чым перавучыць тэлекаментатара. Патэнцыйных кандыдатаў таксама навучаюць ціфлапсіхалогіі, каб яны маглі разумець асаблівасці ўспрымання інфармацыі невідушчымі.

Справа сусветнай важнасці

Пытанне даступнасці спартовых падзей і іх трансляцый для ўсіх даўно знаходзяцца пад кантролем адпаведных арганізацый. Так, у 2006 года па патрабаванні ФІФА ціфлакаментатары з’явіліся на чэмпіянаце свету па футболе ў Германіі.

У 2009 годзе УЕФА прафінансавала стварэнне незалежнай арганізацыі CAFE — цэнтра доступу да футболу ў Еўропе, якія займаецца стварэннем і паляпшэннем умоў для заўзятараў з абмежаванымі магчымасцямі. Адным з напрамкаў дзейнасці CAFE з’яўляецца ўкараненне на еўрапейскіх стадыёнах сістэм аўдыядэскрыпцыі і падрыхтоўка ціфлакаментатараў.

Пры дапамозе CAFE ўсе матчы Еўра-2012 суправаджаліся каментаром для невідушчых заўзятараў. Праз чатыры гады, перад чэмпіянатам Еўропы ў Францыі, арганізацыя падрыхтавала больш за 30 студэнтаў-валанцёраў для працы ціфлакаментатарамі, што стала першым такім досведам для краіны. Спецыялісты CAFE таксама працуюць на матчах еўракубкаў, а іх падрыхтоўчая праграма для “сляпога” каментара даступна на сямі мовах.

На мундыялі ў Расіі ўпершыню з’явіўся футбольнае ціфлакаментаванне на рускай мове. Большасць трансляцый для невідушых вялі журналісты радыёстанцыі “Спорт ФМ”, якіх навучылі асновам аўдыёдэскрыпцыі і ціфлапсіхалогіі. Пасля заканчэння форуму важны сацыяльны складнік, на шчасце, не знік з футбольных стадыёнаў. Свае хатнія матчы ў чэмпіянаце і еўракубках аўдыядэскрыпцыяй забяспечваюць маскоўскія клубы, “Зеніт”, “Арсенал” і “Краснадар”, а таксама зборная Расіі.

А што ў Беларусі?

У Беларусі толькі нядаўна пачалі рабіць першыя крокі ў ціфлакаментаванні. Першапраходцамі ў гэтая з’яве стала сацыяльна-культурная ўстанова “МоцАрт”, якая рэалізоўвае праекты для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

“МоцАрт” займаецца стварэннем аўдыякніг і падручнікаў, напісаных шрыфтам Брайля. У 2016 годзе ў межах сумеснага беларуска-польскага праекта былі створаны аўдыягіды па Нацыянальным мастацкім музеі і Доме-музеі Марка Шагала ў Віцебску.

У 2018 годзе адбыўся першы ў Беларусі тэатральны спектакль з аўдыядэскрыпцыяй — невідушчыя змаглі “паглядзець” у Купалаўскім тэатры спектакль “Школа падаткаплацельшчыкаў”. А летась адбыўся і кінапаказ на вялікім экране для асаблівых гледачоў: на паказ стужкі “Вянок санетаў” з ціфлакаментаром прыйшлі больш за 150 чалавек.

https://www.sb.by/articles/v-minskom-kinoteatre-belarus-sostoyalsya-pokaz-filma-dlya-nezryachikh.html

Пакз быў здзейснены ў рамках праекта “Бязмежнае кіно” разам з нацыянальнай кінастудыяй “Беларусьфільм”. Яго мэта — зрабіць даступным залаты фонд кінастудыі для людзей з парушэннямі зроку. Такіх фільмаў будзе дванаццаць, большая частка ўжо мае аўдыядэскрыпцыю і даступна на канале “Беларусьфільма” у ютубе. Вось так, напрыклад, выглядае “Дзікае паляванне караля Стаха” для невідушчых.

“МоцАрт” — адзіны праект у краіне, які прафесійна займаецца аўдыядэскрыпцыяй, прычым на некамерцыйнай аснове. У Беларусі не выходзяць тэлепраграмы для сляпых, агучаных “МоцАртам” фільмаў вы не пабачыце па тэлебачанні, а прафесійных ціфлакаментатараў можна пералічыць па пальцах адной рукі.

Што тычыцца спорту, то тут пытанняў яшчэ больш. Калі спартовыя арэны худа-бедна абсталявалі спецыяльнымі месцамі для інвалідаў-вазочнікаў, то праблемы заўзятараў з парушэннямі зроку застаюцца на іх жа сумленні. У клубах няма адмысловых супрацоўнікаў па пытаннях інклюзіі. Гэтыя моманты слаба рэгламентуюцца афіцыйнымі дакументамі, а за іх выкананнем наўрад ці сур’ёзна сочаць. Пакуль гэтага няма, беларускі спорт, футбол у прыватнасці, складана будзе назваць адкрытым да ўсіх.

Тэкст: Ягор Хаванскі (Берлін – Мінск)

 

 

Добавить комментарий