«Мiнор, што паўстаў з бетону»

Карэспандэнт «БФ» збіраўся паглядзець на зарубу лідараў другой Бундэслігі, а трапіў на «супер-нядзелю» ў глыбокім нямецкім міноры. Што з гэтага атрымалася, чытайце ў рэпартажы са сталіцы Германіі.

Адзін беларускі музычны гурт спяваў: «Хочаш пабачыць, як бог усміхаецца — яму пакажы свае праграмы». Сапраўды, гэта мусіў быць зусім іншы рэпартаж: пра тое, як берлінскі «Уніён» пасля серыі няўдалых матчаў згуртаваўся і адолеў «Гамбург», па сутнасці, пралангаваўшы таму незабыўнае празябанне ў другой нямецкай Бундэслізе яшчэ на сезон. З усімі эмоцыямі і максімальна калярова.

У яшчэ аднаго гурта ёсць такія радкі: «Але лёс склаўся так, што хрусь — і папалам». За тыдзень да вылету ў нямецкую сталіцу на паштовую скрыню прыходзіць паведамленне з Берліна, маўляў, выбачай, але так шмат заявак на акрэдытацыю, што вымушаныя іх распаўсюдзіць сярод мясцовых СМІ. Не крыдуй, tschüss!

У фан-клубе «жалезных» налічваецца больш лю­дзей, чым змяшчае хатняя арэна. Таму па змоўчанні бессэнсоўныя спробы знайсці квіток канчаткова разбіваюцца аб «No chances» ад знаёмага заўзятара «Уніёна». Тым больш, на такую важную гульню.

Экскурс у афарызміч­насць беларускай музыкі скончым фразай: «Ты толькі шукай, трымай хвост пісталетам». На апошні ўікэнд красавіка, як аказалася, прыпала «супер-нядзеля» — матчы лідараў Берлін-лігі і першай Ландэслігі (гэта шосты і сёмы дывізіёны адпаведна — заўв. аўт.). Так пафасна іх нарок адмысловы сайт для гікаў, якім цікавае такое глыбакаводнае плаванне. Але аднаго позірку на афішы матчаў «Спарта Ліхтэнберг» — «Тасманія Берлін» ды «Нові Пазар 95» — «Брандэнбург 03» дастаткова для таго, каб пагадзіцца з гэтымі дзіўнымі людзьмі. І адправіцца ў экспедыцыю, не горшую за тыя, што апісваў Жуль Верн.

Фото: © Jörg Zägel

Найгоршая каманда ў гiсторыi Бундэслiгi

Ад пейзажаў Усходняга Берліна сэрца часам пачынае біцца вельмі часта — асабліва, калі гарадская электрычка паўзе ўздоўж нямецкіх лошыц і серабранак з такімі ж высоткамі, як і ў нас. Нягледзячы на тое, што берлінскай сцяны даўно няма, артэфактаў той эпохі ў нямецкай сталіцы засталося валам, хоць тыповым саўдэпаўскім шматпавярховікам спрабуюць надаць «заходні» выгляд.

У глыбіні раёна Румельс­бург знаходзіцца спартыўная пляцоўка футбольнага клуба «Спарта Ліхтэнберг». Комплекс уяўляе сабой доўгі аднапавярховы будынак і футбольнае поле без трыбун. Прыкладна тры сотні гледачоў раўнамерна размеркаваліся ўздоўж газону, яшчэ некалькі дзясяткаў бавяць час каля зоны барбекю.

Фото: © Getty Images

За два з паловай еўра можна набыць бутэрброд, абсалютна тыповы для нямецкага футбола, — катлета памерам з кулак, якую запіхваюць у булку памерам з палову звык­лага нам батона, і шчодра прапануюць заліць кетчупам ці гарчыцай. Адносна танны каларыйны выбух, пасля якога не захочаш есці прыкладна яшчэ месяц.

Унутры будынка ёсць кавярня, дзе для футбалістаў і адданых заўзятараў наліваюць піва ўсяго за еўра. Добрая падстава заўзець за клуб шостай лігі. Побач за адным столікам ядуць торт мясцовыя бабулі, за суседнім сталом п’юць пенны напой іх кавалеры. Ля вакна на паліцы — фота іх сябра ў жалобнай рамцы, які так і не дачакаўся лепшых часоў.

«Спарта Ліхтэнберг» ніколі не ведала пра тыя лепшыя часы, нават больш-менш добрыя, хаця клубу ўжо больш за сто гадоў. Да другой сусветнай вайны клуб быў часткай рабочага спартыўнага руху, а пасля падзелу Германіі ніколі не падымаўся вышэй за трэці дывізіён у футбольнай іерархіі ГДР.
Аб’яднанне Германіі засмактала «бела-чырвоных» у багну бясконцай колькасці футбольных дывізіёнаў, і вышэй за Берлін-лігу «Спарта» ніколі не падымалася. Але сёлета каманда змагаецца за гістарычную магчымасць выйсці ў пятую лігу, а ў «супер-нядзелю» прымала найбліжэйшага канкурэнта — берлінскую «Тасманію».

У футбольнага клуба «Тасманія» з Берліна гісторыя была куды больш вясёлай. Ёсць легенда, што каманду назвалі так таму, што яе заснавальнікі напрыканцы XIX-га стагоддзя марылі аб пераездзе ў Аўстралію.

Ёсць і яшчэ адна легенда, адначасова шчаслівая і ганебная. «Тасманія» правяла цэлы сезон у Бундэслізе, але пасля да яе, здаецца, назаўсёды прыклеіўся цэтлік найгоршай дружыны ў гісторыі лігі. Як так атрымалася?

Летам 1965 года «Тасманія» гуляла ў трэцяй лізе Заходняга Берліна, у якой саступіла «Тэніс Барусіі» і «Шпандаў». Але тут адбылося нечаканае — з Бундэслігі праз фінансавыя маніпуляцыі была выключаная «Герта».

Тасманiя Фото: © Footy Fair

Удзел клуба з Заходняга Берліна ў найвышэйшым футбольным дывізіёне ФРГ быў важным палітычным крокам, таму нямецкі футбольны саюз вырашыў расшырыць Бундэслігу з шаснаццаці да васемнаццаці каманд, аддаўшы адно месца берлінскаму клубу.

«Тэніс Барусія» адпала, прайграўшы пераходныя матчы. «Шпандаў» адмовіўся па фінансавых прычынах. А кіраўнікі «Тасманіі» вырашылі пагадзіцца — Бундэсліга адкрывала для іх клуба новыя магчымасці, тым больш, каманду падтрымала кіраўніцтва Заходняга Берліна. Але пагадзіцца гэта адно, а стварыць канкурэнтназдольны калектыў — зусім іншае, тым больш, калі твая каманда апынулася ў Бундэслізе не па спартыўным прынцыпе.

Пачыналася ўсё няблага — перад васьмюдзесяццю тысячамі гледачоў «Тасманія» перамагла «Карлсруэ», але ў выніку каманда аформіла больш антырэкордаў, чым пераможных матчаў. Дваццаць восем параз, розніца мячоў «-93» і выніковыя восем ачкоў у табліцы — тады яшчэ налічвалі два за перамогу. Адзіны антырэкорд Бундэслігі, які дагэтуль не належыць «Тасманіі» — гэта працягласць серыі без забітых мячоў.

Але на гэтым гісторыя клуба не скончылася. «Тасман­цы» яшчэ тройчы гулялі ў пераходных матчах за выхад у вышэйшы нямецкі дывізіён, але ўсе спробы аказаліся марнымі. У выніку ў 1973 годзе клуб збанкрутаваў, пасля быў адноўлены, змяніў некалькі назваў, але больш на былыя вяршыні не падымаўся.

Чырвоныя супраць блакiтных

Усё, з гісторыяй пакончана. Вяртаемся на Фішэрштрассэ. Там каманды змагаюцца за адзіную пуцёўку ў пятую лігу. Прыкмета сучаснага вялікага еўрапейскага горада — мультыкультурнае прадстаўніцтва ва ўсіх сферах. Так, Мілаш Марынкавіч, Артур Ларэнца дэ Алмейда і Марыян Фелікс Полстэр у чырвоным супрацьстаяць Арамісу Бабаеву, Мехмету Акану Кірлі і Феліксу Робрэхту ў блакітным.

Фото: © tasmania-berlin.de
Фото: © tasmania-berlin.de

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Пара дзясяткаў фанатаў са сцягамі Аўстралійскага штата і банэрам з выявай тасманскага д’ябла падбадзёрваюць гульцоў «Тасманіі». Чырвоных падтрымліваюць звычайныя нямецкія «кузьмічы», якія п’юць піва і ядуць тыя самыя сэндвічы. З сядзячых месцаў — толькі пара лавак уздоўж паляны, і тыя выкарыстоўваюцца для таго, каб стаць павышэй. Сядзець на футболе ў Германіі не прынята.

Жарсці кіпяць, асабліва ў гульцоў «Тасманіі», якім трэба перамагаць, каб абагнаць супернікаў у табліцы. Ужо на чатырнаццатай хвіліне пасля жорсткага стыку гулец «Спарты» вымушаны пакінуць поле, а праз яшчэ восем хвілін з поля выдаляецца вышэй згаданы «тасманец» Мехмет Кірлі, які лакаматывам знёс суперніка. Узнікае заварушка, футбаліст некалькі хвілін аспрэчвае прысуд і нарэшце пакідае поле.

Кадравы гандыкап ніякіх дывідэндаў «Спарце» не прыносіць, гульня праходзіць пад дыктоўку «Тасманіі», што ў выніку выліваецца ў гол на трыццаць першай хвіліне. Навес з сярэдзіны поля знаходзіць у штрафной форварда гасцей, які адкрывае лік.
Пасля перапынку, падчас якога з’ядаецца яшчэ некалькі дзясяткаў катлет і выпіваюцца літры піва, «Спарта» бярэ мяч пад кантроль, і ў адной з атак «сценачка» ў штрафной «сініх» прыводзіць да гола. Цёмнаскуры гулец, падобны да Рамэлу Лукаку, выдае сальта, святкуючы забіты мяч, і вяртае каманду ў гульню.

«Тасманія» яшчэ дзясятак хвілін прыходзіць у сябе, пасля чаго амаль ідэнтычна паўтарае галявую атаку супернікаў і выходзіць наперад. Далей госці садзяцца ў глыбокую абарону, але ў адной з апошніх атак упускаюць бадай ці не самага заўважнага гульца «Спарты». Лаўрэнца дэ Алмейда на 95-й хвіліне аднаўляе раўнавагу і разам са сваім шыкоўным афра тоне ў абдымках партнёраў.

Драма. Гульцы ў чырвоным радуюцца здабытай нічыей, гульцы ў блакітным прад’яўляюць прэтэнзіі суддзям. Ля стадыёна ўжо чакае таксі, якое вязе да новых прыгод.

Фото: © Getty Images

Мультыкультурныя метамарфозы

У раёне Нойкёльн, на стадыёне, які раней належаў аднайменнаму клубу, з 2017 года гуляе каманда пад нязвыклай назвай «Нові Пазар 95». У метамарфозы, якая здарылася з адным з найстарэйшых берлінскіх клубаў, ёсць імя — Ісмет Бішэвац. Бізнесмэн вырас у сербскім горадзе Нові Пазар ля мяжы з Косава і падтрымліваў грашыма аднайменны футбольны клуб у чэмпіянаце Сербіі.

Фото: © brandenburg03.de

У берлінскім футболе Бішэвац таксама вядомы. З 2003 года серб падтрымліваў «Цюркспор» і «Пройсэн», а ў 2017 вырашыў вырата­ваць «Нойкёльн», які некалі лічыўся трэцім клубам Берліна, а ў нашым стагоддзі загразнуў у скандалах і даўгах.

Праект новага клуба прадугледжваў запрашэнне таленавітых сербскіх футбалістаў у Берлін і паступовае ўскарасканне наверх па прыступках футбольнай лесвіцы. Увесну клуб быў сярод лідараў семай лігі і падчас «супер-ня­дзелі» прымаў лідараў табліцы — клуб «Брандэнбург 03».

Боатэнг-старэйшы

У рэпера BTNG ёсць песня «Gewachsen auf Beton» («Тыя, што выраслі на бетоне» — заўв. «БФ».). Гэта псеўданім Джорджа Боатэнга. Ягоныя малодшыя браты добра ўсім вядомыя: Кевін-Прынс гуляе за «Барселону», Жэром — чэмпіён свету і шматразовы чэмпіён Германіі ў складзе «Баварыі».

Фото: © David Heerde

Боатэнг-старэйшы таксама займаўся ў школе «Герты», але кар’еру Джорджа паспяховай назваць цяжка: вышэй за глыбокі мінор ён ніколі не падымаўся і трафеяў не зваёў­ваў. Па-за футболам паспеў адседзець восем месяцаў за кратамі, а таксама разводзіў сабак.

У нямецкім раёне Вэдзінг, вуліцы якога, аздобленыя бетоннымі будынкамі, гадавалі братоў Боатэнгаў, у 2015 годзе з’явілася графіці з партрэтамі трох родзічаў і фразай «Gewachsen auf Beton». У тым жа годзе выйшла аднайменная плытка, а ў 2017 — другая, «Black Mamba». Тады Джордж Боатэнг вярнуўся у футбол, але ў новай ролі.

Фото: © Samsportlocker

Сёння Боатэнг-старэйшы ў «Брандэнбургу 03» выконвае ролю сярэднюю паміж спартыўным дырэктарам і асістэнтам галоўнага трэнера. Клуб уяўляе сабой тыповую для мясцовага мінору спартовую арганізацыю — стогадовая гісторыя без асаблівых поспехаў, пара дзясяткаў каманд розных узростаў і галоўная місія ў канцэнтрацыі вакол сябе дзяцей, якім цікавы футбол. Каб яны выраслі з бетону годнымі грамадзянамі і не паўтаралі ягоных памылак.

Барбекю-матывацыя i фактар Зазая

На прынцыповую гульню «Нові Пазар» актыўна зазываў заўзятараў і шматлікую мусульманскую супольнасць Нойкёльна. Для тых, каму не асабліва цікавы футбол, зладзілі зону барбекю.

Гэта спрацавала — паглядзець на прынцыповы матч прыйшлі каля сямі соцень чалавек, што для аматарскага футбола лічба калякасмічная.

Вугалю ў топку супрацьстаяння падкінулі за два месяцы да яго — у лютым у «Нові Пазар» перайшоў трэнер «Брандэнбурга» Турхалай Зазай.

Этнічны афганец цягам трох сезонаў разам з камандай падымаўся ў сёмую лігу, а потым заявіў, што яму патрэбны новы выклік, і пераехаў у Нойкёльн. Хоць Джордж Боатэнг казаў, што яго каманда гуляе супраць супернікаў, а не супраць трэнера, фактар Зазая нельга было не ўлічваць.

Фото: © brandenburg03.de

Зоркi «Брандэнбурга» i берлiнскi Раналда

Сярод гульцоў у белым асабліва вылучаецца нумар 37. Гэта Елен Зафер, які ў сярэ­дзіне нулявых гуляў за «Ганзу» ў Бундэслізе. Яшчэ чатыры сезоны таму Зафер выступаў на адносна высокім узроўні за «Франкфурт» у другім дывізіёне, але паступова яго кар’ера згасла.

Але талент нікуды не падзеўся. Менавіта Зафер на 35-й хвіліне адкрывае лік класным ударам са штрафнога і пагружае свайго былога трэнера ў сур’ёзныя развагі. Але сумаваць шматлікай аўдыторыі ў Нойкёльне доўга не давялося — ужо на 43-й хвіліне з пенальці «Новы Пазар» зраўняў лік. Да дыму барбекю дадаецца дым піратэхнікі і гул шматкультурнай тарсіды.

У другім тайме розніца ў класе становіцца больш відавочнай. На 50-й хвіліне адзінаццаціметровы прабівалі ўжо гульцы «Брандэнбурга», але лік не змяніўся, дзякуючы брамніку гаспадароў. А на 61-й хвіліне госці ўсё ж выйшлі наперад — адзначыўся Мэла Кальвакантэ па мянушцы Раналда.

Пасля прапушчанага мяча бурлівая аўдыторыя паступова пачала губляць цікавасць да гульні, усе радзей і радзей падтрымоўваючы «Нові Пазар» і акцэнтуючы больш ўвагі на барбекю і размовах. А калі галоўны суддзя зафіксаваў паразу ў звышпрынцыповай гульні, яны проста разышліся па дамах. Паліцэйскія, што ў колькасці двух дзяжурылі на гульні, дакладвалі па рацыі, што ўсё ў парадку.

Эпiлог

Усё пазнаецца ў параўнанні. Ускочыць на самую вяршыню ў беларускім футболе даволі проста. За кейсамі кшталту «Крумкачоў» далёка хадзіць не трэба.

Але аніводны беларускі клуб не можа пахваліцца гісторыяй, якая ёсць амаль у любога заштатнага клуба нямецкага мінору. Беларускі футбол — гэта гісторыя пра тут і цяпер, а не пра пера­адольванні. Акрамя таго, немагчыма ў нас знайсці такую каманду, якая б бачыла сэнс існавання ў тым, каб даць дзецям з вуліцы магчымасць гуляць у футбол за свой раён і вырасці з бетону.

І хай ім ніколі не стаць футбольнымі зоркамі, як мінімум для некалькіх соцень пар вачэй яны будуць героямі. А калі здарыцца параза, заўсёды ёсць магчымасць выпіць піва за еўра або з’есці на стадыёне барбекю.

Тэкст: Ягор Хаванскi (Берлiн)

Добавить комментарий