Чорныя панны Iвацэвiчаў


У канцы красавіка адбылася гістарычная падзея ў беларускім футболе — упершыню афіцыйны матч мужчынскіх каманд абслугоўвала цалкам жаночая брыгада арбітраў. Карэспандэнт «БФ» з’ездзіў разам з дзяўчынамі ў Івацэвічы і прывёз сонечны рэпартаж.

Нягледзячы на тое, што жанчыны-арбітры абслугоўваюць футбольныя матчы ўжо некалькі дзесяткаў гадоў, з кожным годам ствараюцца шматлікія інфармацыйныя нагоды, звязаныя са з’яўленнем на футбольным полі паненкi са свістком або з суддзейскім сцяжком. З кожным новым імем у жаночым корпусе рэферы таблоіды абнаўляюць топы найбольш сэксуальных арбітраў, хаця трэба звяртаць увагу зусім на іншае. Калі раней дзяўчына-суддзя была выключэннем, то са скарэннем новых вяршыняў яны даказваюць права на абслугоўванне матчаў найвышэйшага ўзроўню.

За прыкладамі далёка хадзіць не трэба: у 2017 годзе немка Бібіяна Штайнхаус стала першай жанчынай, якая ў якасці галоўнага арбітра абслужыла матч топавай еўрапейскай лігі. Атрымаўшы высокія адзнакі за працу, Штайнхаус адсудзіла яшчэ адну гульню бундэс­лігі ў тым жа годзе, пасля чаго стала паўнавартаснай часткай нямецкага суддзейства. ­Шэсць леташніх матчаў у якасці галоўнага суддзі і пяць сёлета таму доказы.

У тым жа годзе ФІФА ўпершыню ўключыла жанчыну ў спіс арбітраў афіцыйнага турніра сярод мужчынскіх каманд. Кацярына Монзуль працавала на юнацкім чэмпіянаце свету ў якасці рэзервовага суддзі. Да гэтага моманту ўкраінка ужо мела шасцігадовы досвед суддзейства на матчах першай і Прэм’ер-лігі Украіны, жаночых чэмпіянатаў Еўропы і свету, а таксама прызнавалася найлепшай жанчынай-арбітрам у свеце.

Летась Монзуль з дзвюма паплечніцамі цалкам жаночым складам правялі матч «Ворсклы» супраць «Львова» ў вышэйшым украінскім дывізіёне. Дзяўчын пахвалілі галоўныя трэнеры каманд, пажадаўшы ім моцнага здароўя і поспехаў у далейшай кар’еры.

Але ж колькі б жанчыны-арбітры ні даказвалі сваю кампетэнтнасць у футбольных пытаннях, іх заўсёды будуць суправаджаць сэксісцкія жарты і скандалы на гэтай глебе. У мінулых нумарах «БФ» мы падрабязна распавядалі пра скандал са звальненнем каментатараў Sky Sports за жарты ў бок Шан Мэсі-Эліс і пакаранне ў выглядзе працы на матчы маленькіх дзяўчынак для Керэма Дэмірбая за абразу згаданай вышэй Бібіяны Штайнхаус.

А што ў нас? На сённяшні дзень у Беларусі ёсць каля дзесяці жанчын, якія працуюць на футбольных матчах. Піянеркай жаночага суддзейства ў Беларусі была Ірына Туроўская. Бабруйчанка была вымушаная праз цяжкую траўму закончыць з кар’ерай футбалісткі, але канчаткова з футболам не завязала: працавала трэнерам, а пасля пачала судзіць. У 2008 годзе Туроўская стала першай беларускай, якая атрымала ганаровы статус рэферы ФІФА. Ірына таксама працавала на чэмпіянаце Еўропы 2013 года сярод дзяўчат да 17 гадоў, дзе абслужыла два матчы.

У Вольгі Цярэшка з Маладзечна, якая сёння з’яўляецца галоўнай зоркай беларускага жаночага суддзейскага корпуса, падобная футбольная гісторыя: цяжкая траўма, трэнерская кар’ера, суддзейскія курсы і паступовы рост. У 2017 годзе Вользе даверылі судзіць фінальны матч жаночага чэмпіянату Еўропы U-19, тады ж яна пачала працаваць на матчах першай лігі ў якасці галоўнага арбітра і вышэйшай — у якасці рэзервовага.

Таксама матчы мужчынскіх каманд абслугоўвае Алена Карась са Смалявіч — яна абслугоўвае матчы першай лігі ў якасці памочніка суддзі. Алена сёлета паедзе ў якасці арбітра на чэмпіянат Еўропы сярод дзяўчын узростам да 17 гадоў.

У гэтым годзе спіс жанчын-суддзей, што маюць катэгорыю памочніка рэферы ФІФА, папоўніўся і Настассяй Данчанка. Такім чынам, упершыню склалася цэлая суддзейская брыгада, якой была даручаная сур’ёзная задача — судзіць афіцыйную гульню мужчынскіх каманд. Такім матчам стала сустрэча «Івацэвічаў» і «Горак» у першым туры другой лігі.

× × ×

Дзяўчыны без спазненняў збіраюцца каля будынка тэхнічнага цэнтра АБФФ, адкуль запланаваны ад’езд. Пра ўрачыстасць моманту сведчыць хіба што атмасфера рэспубліканскага суботніка — супрацоўнікі паліклінікі, што месціцца насупраць, актыўна працуюць рукамі, граблямі і рыдлёўкамі, раз-пораз па праспекце праязджае трактар. Пакуюцца валізкі з формай, і падарожжа пачынаецца.

На газонах заквітнелі дзьмухаўцы, на бясконцых палях падымаюць пыл трактары. Сухі і цёплы красавік паскорыў пачатак сельскагаспадарчага сезона. У дарозе дзяўчаты займаюцца сваімі справамі: вывучаюць англійскую мову, слухаюць музыку, рыхтуюцца да абароны дыпломнай работы, абмяркоўваюць украінскія выбары і свае планы. Гістарычнасць надыходзячай гульні разглядаецца як жарт, бо ў дзяўчын проста такая праца — судзіць футбольныя матчы. Учора — тур жаночага першынства, сёння — другая ліга, а заўтра — спаборніцтвы юнакоў.

За дзве гадзіны дабіраемся да Івацэвічаў. Пасля прыбыцця на стадыён суддзі разам з інспектарам матчу выходзяць на газон і вывучаюць стан поля і сеткі на варотах. На ідэальна роўнай зялёнай сінтэтыцы не можа ісці гаворкі пра жоўтыя дзьмухаўцы. Дарэчы, гэта б магло вельмі класна спалучацца з жоўта-зялёнымі трыбунамі і ўвогуле з айдэнтыкай невялікага гарадка, які мае жоўта-зялёны герб, але не гэтым разам.

Івацэвічам — і гораду, і футбольнай камандзе — вельмі пашанцавала са спартыўнай інфраструктурай. Новы стадыён, які мае салідную назву «Кляноўка-Арэна», быў адкрыты восенню 2017 года, непадалёк месціцца лядовая арэна. На тэрыторыі стадыёна побач з полем ёсць трэнажоры, на якіх суботнім днём займаецца моладзь.

У гэты час на арэне ладзяць намёт з выпечкай, чыпсамі і напоямі, вакол якога затрымліваюцца гледачы, што паступова пачынаюць запаўняць трыбуны. Асаблівым інтарэсам асартымент карыстаецца ў школьнікаў, якіх багата прыйшло паглядзець гульню. А коштам на булачкі можа пазайздросціць любы аматар мінскіх кавярняў.

За гадзіну да стартавага свістка пачынаюць размінацца госці. Праехаўшы праз усю Беларусь, футбалісты ў сіне-чырвонай форме актыўна працавалі над тым, каб доўгі шлях не адбіўся на фізічным стане.

У складзе «Горак» дастаткова гучных прозвішчаў: Капанцоў, Хількевіч, Тупчы  — усе яны маюць досвед гульні ў вышэйшай лізе. Таксама пасля рэарганізацыі «Дняпра» частка былых дублёраў сталі гульцамі каманды з Магілёўшчыны. Мяркуецца, што гэты часткова баявы склад дазволіць палепшыць леташнюю перадапошнюю пазіцыю ў турнірнай табліцы. Іх супернікі з «Івацэвічаў» год таму занялі сёмы радок. У міжсезонне ў каманды змяніўся галоўны трэнер і абнавіўся склад. Як кажуць тутэйшыя, стала больш маладых гульцоў, сярод якіх як мясцовыя, так і прыезжыя хлопцы. Яны, тым часам, далучыліся да размінкі.

Апошнімі ў чорных вятроўках з надпісам UEFA на спіне да перадматчавых фармальнясцяў далучаецца суддзейская брыгада. «Людзі ў чорным» актыўна размінаюцца, адпрацоўваюць паскарэнні, ловячы на сабе зацікаўленыя позіркі як гледачоў, так і футбалістаў.

Адкрыццё футбольнага сезона суправаджаецца ўрачыстымі прамовамі, у якіх гасцінна просяць заўзець за сваіх і сачыць за вынікамі «Горак», пасля чаго прыгожыя жанчыны ў народных строях дораць суддзям і капітанам каманд велічэзныя караваі памерам з увесь Івацэвіцкі раён. Хлебабулачныя вырабы адпраўляюцца ў падтрыбунку, жанчыны ў строях — за межы стадыёна, а Вольга Цярэшка дае стартавы свісток.

На пятай хвіліне Антоніа Сіяка, бадай, самы заўважны гулец на полі, адкрыў лік, чым крыху сапсаваў святочны настрой гледачоў. На старце гульні ініцыятыва цалкам была за гасцямі, сярод мясцовых лепшымі былі фанаты, якія безліччу чырвона-белых сцягоў, банэраў і песень гналі сваіх наперад. Свае ж у першым тайме гуляюць даволі разгублена, рэдкімі спробамі атакуюць і закідваюць мяч у штрафную «Горак».

Гульня праходзіць спакойна, без спрэчных момантаў, якія б патрабавалі ўмяшальніцтва суддзейскай брыгады. Але ў некаторых сітуацыях патрабуецца дапамога медыкаў. Госці прыехалі без адмысловага спецыяліста, таму ў цэнтры ўвагі аказваецца супрацоўніца хуткай дапамогі, якая пад апладысменты з’яўляецца на полі.

Пад канец тайма флангавы закід дае свой вынік — Ягор Піцык галавой прабівае Руслана Капанцова і прыводзіць у шаленства юнакоў-заўзятараў. У гуморы яны акупуюць намёт з ласункамі падчас перапынку, некаторыя ўдзельнічаюць у конкурсе за абанемент. Трэба з цэнтра поля трапіць у вароты. Атрымліваецца не ва ўсіх.

У другім тайме гаспадары цалкам перахапілі ініцыятыву. Ганімыя зарадамі фанатаў, якія разбаўляліся артэфактамі расійскай папсы, гульцы ў чорнай форме раз за разам атакавалі вароты Капанцова і ў рэшце рэшт павялі ў гульні — забіў Ягор Варановіч, якога бол-боі з павагай называюць «Ягор Аляксандравіч».

А ўжо ў дадатковы час «Івацэвічы» скарысталіся спробамі «Горак» ды пакаралі гасцей у трэці раз. Пасля фінальнага свістка госці хутка знікаюць ў адміністрацыйным будынку, а гаспадары доўга размаўляюць з фанатамі, якія дзякуюць за гульню і просяць аддавацца на сто адсоткаў. Бяседа праходзіць плённа і завяршаецца апладысментамі. Некаторых пасля гэтага яшчэ некалькі хвілін не адпускаюць заўзятары. Асаблівай цікавасцю карыстаецца капітан Дзмітрый Пятроўскі: дзесяткі сэлфі і аўтографы на буцах — можна адчуць сябе сапраўдным чэмпіёнам свету.

Пасля святаў наступаюць будні. Суддзейскі каравай грузіцца ў машыну і разам з брыгадай адпраўляецца ў Мінск. Падчас вяртання дзяўчыны праглядаюць відэазапіс гульні і аналізуюць свае рашэнні. Пра іх не напішуць усе сусветныя медыя, івацэвіцкі кейс не стануць разглядаць у якасці прыкладу дасягнення роўных гендэрных правоў. Ды і самі дзяўчыны, здаецца, не бачаць нічога асаблівага ў падзеі, у якой яны адыгралі галоўную ролю. Такая ў іх праца.

Тэкст: Ягор Хаванскi
Фота: Ягор Хаванскi

Добавить комментарий